Клуб любителей бега «АМАТАР»


Меркаваньні, разважаньні дылетанта аб бегу, спаборніцтвах і дэманстрацыях

Главная » Новости » 2020 » 2020_11 » Меркаваньні, разважаньні дылетанта аб бегу, спаборніцтвах і дэманстрацыях

 

Прайшлі чарговыя выхадныя. Яны для нас, бегуноў, былі адметны двума падзеямі: адбыўшыміся спаборніцтвамі ў Менску і не адбыўшыміся ў Лагойску.
Мне пашчасьціла прыняць удзел у спаборніцтвах у Менску. Гэта Чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па марафоне і звышмарафоне сярод ветэранаў.
Хачу выказаць падзяку арганізатарам, валанцёрам і ўсім, хто меў дачыненьне да гэтай падзеі. Здымаю капялюш перад намаганьнямі і працаю арганізатараў. Асабліва ўлічваючы складанасьць абставін. І справа тут не ў надвор’і ці нават у эпідэміі кавід-19. Тут усё разам, агулам, навальваецца, наколькі я гэта разумею.
Аб гэтым і хочацца паразважаць.
Магчыма мае развагі і меркаваньні пададуцца камусьці і нецікавымі ці недарэчнымі. Бо я дылетант ва ўсіх сэнсах і накірунках. Дылетант як бягун, спартовец, як арганізатар, тым болей як палітык.
Усё, ніжэй напісанае, - гэта погляд на адлегласьці, з боку. А можа ён і падасца цікавым для тых, хто ў “сярэдзіне”, у справе, актыўны ўдзельнік ці арганізатар падзей.

Першае. Кавід-19 і бег.
Многія бегавыя спаборніцтвы 2020-га года былі адменены. Фармальнаю нагодаю, часьцей усяго, была эпідэмія кавід-19.
Сапраўды, людзі хварэюць, нават, бывае, і паміраюць, не без “удзелу-дапамогі” гэтага віруса, выклікаючага хваробу кавід-19. Але не ўсё так адназначна.
Многія вірусолагі, інфекцыяністы, лекары, …. упэўнены, што для супроцьстаяньня гэтай хваробе патрэбен актыўны рух, пажадана на вольным паветры. Аб гэтым гавораць не толькі раскручаныя медыйныя персоны (дактары Камароўскі, Мясьнікоў, Бубноўскі), але і менш вядомыя дактары, інфекцыяністы і вірусолагі.
Актыўны рух, асабліва на вольным паветры, не толькі трэніруе нашае сэрца, лёгкія, але і ганяе кроў па ўсім арганізме. Што спрыяе вымываньню шкоднасьцей з нашага цела, уключаючы і вірусы, і пашкоджаныя вірусамі клеткі. Такі рух таксама спрыяе ачышчэньню крыві, бо праганяе яе хутчэй праз усе нашыя органы і сістэмы, уключаючы і печань, ныркі.
Праз дыханьне мы выкідваем з сябе таксама ўсякія шкоднасьці, што карысна для нас. Добра калі гэта адбываецца дзесьці на вуліцы, у парку, у лесе…. Такім чынам мы ачышчаем сябе, не атручваем паветра ўнутры памяшканьняў, не труцім сябе і тых хто навокал нас.
Гэта простыя ісьціны, здаецца не патрабуючыя доказаў. Але чамусьці яны не працуюць. Не працуюць калі рэч ідзе пра бег, арганізацыю ўсякіх аматарскіх спаборніцтваў.
Здавалася б трэба як мага болей у перыяд падобных эпідэмій спрыяць правядзеньню рухомых гульняў, шпацыраў, прабегаў, турыстычных паходаў і іншых мерапрыемстваў на вуліцы. Падштурхоўваць людзей да актыўных паводзін на вольным паветры, трэніровак, падрыхтоўкі да такіх спаборніцтваў. Канешне ж, нейкія дадатковыя меры перасьцярогі павінны прыймацца. Пажадана не “кучкавацца”, старацца трымацца на бясьпечнай адлегласьці паміж сабою. Пастарацца пазьбегнуць збору натоўпу ў абмежаваных мейсцах, цесных памяшканьнях без актыўнай вентыляцыі. Але гэта зрабіць не так ужо і складана. У цёплы перыяд для рэгістрацыі, папярэдняга збору, перапрананьня пры правядзеньні спаборніцтваў нават і памяшканьня не трэба. Дастаткова навесу нейкага ад дажджу. У менш спрыяльнае надвор’е падыйдзе любое аб’ёмнае грамадскае памяшканьне з добрай вентыляцыяй. Блага ў нас іх дастаткова. Нашая краіна багата вялікай колькасьцю неблагіх спартовых аб’ектаў, залаў, канцэртных пляцовак і іншых буйных дзярнаўных і грамадскіх будынкаў і памяшканьняў. Патрэбна толькі добрая воля ўладаў.
Але, чамусьці, такая “добрая воля” якраз і не заўсёды бывае. А нават і зусім наадварот. Ствараюцца штучныя перашкоды, забароны і іншае для тых энтузіястаў, якія імкнуцца арганізаваць нейкія спартова-масавыя мерапрыемствы.
Што яшчэ болей дзіўна, нават тое, што праводзіцца цалкам на прыродзе, у лесе, са зборам і рэгістрацыяй па-за горадам, па-за якімі-небудзь памяшканьнямі, таксама атрымлівае перашкоды ад уладаў.
Відаць, што справа тут зусім не ў эпідэміі кавіда. Справа ў нечым іншым.

Другое. А можа справа ў несацыяльных паводзінах натоўпу?
Можа на спаборніцтвах і пасьля іх удзельнікі нейк паводзяць сябе непатрэбным чынам. Мо псуюць што-небудзь, буяняць, панапіваюцца і ў бойкі паміж сабою ці з атачэньнем пачынаюць лезьці? Мо сьмецяць і не прыбіраюць за сабою?
Ды не. Зусім наадварот. На бегавыя спаборніцтвы зьбіраюцца людзі здаровыя ва ўсіх сэнсах. Звычайна не ўжываючыя сьпіртовых напояў. Ва ўсякім разе, на спаборніцтвы прыязджаюць не для таго. Наадварот, зьбіраюцца людзі розных сацыяльных груп. І тыя, хто не зусім яшчэ выхаваны ў плане “не сьмяціць”, “не буяніць”,…..у здаровым атачэньні на спаборніцтвах прывучаюцца для болей сацыяльна культурных паводзін. У нейкім сэнсе, масавыя аматарскія прабегі нясуць і адметную пазітыўную выхаваўчую функцыю. І ў гэтым плане ад уладаў павінна быць толькі падзяка і ўсякае спрыяньне такім мерапрыемствам.

Трэцяе. Можа ад масавых спартовых збораў-прабегаў існуе нейкая палітычная небясьпека?
Можа ёсьць апасеньне, што зьбіраючыся з розных мейсцаў, быццам бы на спаборніцтвы, плятуцца нейкія палітычныя тайныя змовы, накіраваныя супраць дзеючай улады?
Такое можа прыйсьці толькі ў хворую галаву. Бо такія, супрацьуладавыя, зборы могуць быць толькі тайнымі, абмежаванай колькасьці, з абмежаваным доступам.
Бегавыя мерапрыемствы звычайна вельмі адкрытыя. На іх зьбіраюцца розныя людзі, з розных бакоў краіны, нават з розных краін, з рознымі палітычнымі поглядамі, розных узростава-сацыяльных слаёў. Звычайна для правядзеньня спаборніцтва загадзя распрацоўваецца Палажэньне, якое узгадняецца з прадстаўнікамі ўлады. У такіх мерапрыемствах вельмі часта ўдзельнічаюць і прадстаўнікі нейкіх уладных структур, прадстаўнікі сілавых структур, моладзь з навучальных устаноў, у тым ліку курсанты сілавых структур. А калі нават гэтага недастаткова, і існуюць нейкія апасеньні ва ўладаў, зусім няцяжка накіраваць для ўдзелу ў мерапрыемстве “свайго чалавека”, нейкага інфарматара. Мерапрыемствы такія вельмі адкрытыя, з неабмежаваным удзем розных слаёў грамадзян. Абы фізічны стан дазваляў больш-менш бадзёра рухацца.

Чацьвёртае. Можа існуе небясьпека “выключэньня” удзельнікаў бегавых мерапрыемстваў з жыцьця краіны, працоўнай дзейнасьці?
Ды не. Наадварот. Бегавы рух спрыяе актыўнаму жыцьцю ўдзельнікаў. Спрыяе фізічнаму разьвіцьцю як самых бегуноў, так і атачэньня. Бо іх бадзёрасьць, здаровы фізічны стан, зьяўляюцца добрым прыкладам для астатніх. Звычайна гэта актыўныя людзі, добра працуючыя, або навучэнцы – здаровае будучае краіны. Удзел у спартовых мерапрыемствах падштурхоўвае ўдзельнікаў да рэгулярнай фізічнай нагрузкі, фізічных заняткаў, рэгулярных трэніровак. Такія людзі звычайна бадзёрыя, маюць пазітыўна настрой. Яны з вялікаю ахвотаю працуюць.

Пятае. Можа распальваецца негатыў да ўладаў, незадаволенасьць чым-небудзь?
Мне здаецца, наадварот. Людзі, якія ўдзельнічаюць у спартовых мерапрыемствах, маюць магчымасьць нейк праявіць сябе ў іншай іпастасі, дабіцца нейкага посьпеху ў іншай справе, па-за звычайнай хатняй руцінай, ці працоўным жыцьцём. Або наадварот, супакоіцца, калі існуе напружаньне ў звычайным жыцьці. І ў гэтым сэнсе такія бегавыя спаборніцтвы маюць вельмі станоўчы эфект для людзей, грамадства, краіны і яе ўлад. Можа нават не самыя спаборніцтвы, а лад жыцьця ўдзельнікаў гэтых спаборніцтваў. Бо для падрыхтойкі для ўдзелу ў спаборніцтвах хочаш-не-хочаш а нейк трэба трэніравацца, вясьці здаровы лад жыцьця. Чалавек пераключаецца з нейкага негатыву на пазітыў працы над сабою. Паяўляецца яшчэ адна, дадатковая, магчымасьць праявіць сябе ў іншай справе.
Мне здаецца, што ў гэтым сэнсе зусім не выпадкова ў бытнасьць Савецкага Саюза надавалася вякікая ўвага, вялікае значэньне грамадска-масавым, спартыўна-масавым, турыстычным мерапрыемствам. На гэтыя мерапрыемствы выдзяляліся немалыя сродкі. Існавалі структуры, у абавязкі якіх уваходзіла падрыхтоўка такіх мерапрыемстваў. Існаваў так званы “самадзейны турызм”, людзі падарожнічалі па краіне, хадзілі з палаткамі ў паходы, па гарах, займаліся альпінізмам,…. Бег быў адным з накірункаў гэтай дзейнасьці. І гэта вельмі някепска спрыяла аздараўленьню грамадства, адцягвала ад кепскіх думак, ад неўладкаванасьці ў жыцьці, ад нейкага негатыву на працы, ад палітычнай нейкай недасканаласьці.
Чаму сёньня паступова ідзе адыход ад такой практыкі? Чаму душыцца бегавы рух? Чаму адбіраюцца нейкія дробныя памяшканьні ў клубаў аматараў бегу, у аматараў-турыстаў, клубаў арыянтаваньня і падобных грамадскіх ініцыятыў і стварэньняў?
Я не ведаю якія цяжкасьці ў арганізатараў прабегаў, у кіраўнікоў клубаў аматараў бегу. Ведаю, што немалыя праблемы стварыў дакумент, які зьявіўся ў пачатку 2019 году. Аб ім ніжэй. Але і да гэтага, наколькі ведаю, былі праблемы з арганізацыяй прабегаў. Штучна ствараліся. Аб гэтым Кізіл А.М. распавядаў. Спачатку выштурхнулі з вуліц гораду, дзе спаборніцтвы мелі вялікі агітацыйны ўплыў. Але нават па-за вуліцамі гораду існуюць праблемы. У таго ж Кізіла былі нейкія адміністрацыйныя цяжкасьці ў правядзеньні марафону вакол Цнянскага вадасховішка, дзе мы бегалі не перасякаючы ані воднай вуліцы.

Шостае. Асобна хочацца адзначыць адзін дакумент. Назва яго:

ПАСТАНОВА САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
24 студзеня 2019 г. № 49 Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства

Мне не даводзілася прыймаць удзел у арганізацыі спаборніцтваў. Але нават як просты бягун-аматар я разумею наколькі гэты дакумент ускладняе жыцьцё арганізатарам прабегаў і іншых спартовых мерапрыемстваў.
Цяжка зразумець якой мэты хацелі дабіцца ініцыятары гэтага дакумента і яго распрацоўшчыкі. Зразумела толькі, што на частцы прабегаў гэты дакумент ставіць крыж.
Можа некаторыя з арганізатараў спартыўна-масавых мерапрыемстваў нават і ўдзельнічалі ў распрацоўцы. Маю на ўвазе арганізатараў камерцыялізаваных прабегаў, або масавых мерапрыемстваў ад дзяржаўных структур. Можа такім чынам пастараліся зьнішчыць дробных і не вельмі канкурэнтаў? Ці патрэбна гэта бегунам, грамадству, краіне? Наўрад.
Усе мы плацім падаткі. Пенсіянеры плацілі ў свой час. Моладзь будзе плаціць. Гэтыя падаткі ідуць, у тым ліку, і на медыцыну і на праваахоўную дзейнасьць. Чаму арганізатарам прабегаў трэба плаціць яшчэ нейкія дадатковыя грошы за медычнае, праваахоўнае суправаджэньне? Што бегунам болей патрэбны праваахоўнікі і медычныя працаўнікі? Якраз зусім наадварот.
Выходзіць што гэты дакумент – штучнае падаўленьне бегавога руху, і не толькі яго. Дзеля чаго? Каб людзей вывесьці на вуліцы, на пратэстны рух? Гэта было мэтаю?
Што гэта дурнота, ці мэтанакіраванае стварэньне падобнага дакумента?
Калі стваральнікі дакумента фактычна забараняюць бегаць, езьдзіць на раварах, бегаць з компасам па лясах, балотах, парках,…., то чаго яны дабіваюцца такім чынам? Пратэстаў? Накіраваньня маладых і актыўных нашых грамадзян на вуліцы?
У мяне толькі такая выснова.
Хто і дзеля чаго гэта робіць?
Праваахоўчыя структуры для падвышэньня сваёй ролі ў вачах кіраўнікоў і грамадства? Каляўладныя дзеячы, ці людзі ў сярэдзіне ўлады, якія такім чынам хочуць зьмяніць свой статус? Праз вывядзеньне натоўпу на вуліцу хочуць нейкіх сваіх асабістых памкненьняў дабіцца?
Хлопцы, не бударажце людзей! Гуляйце там у свае гульні! Дайце нам гуляць у свае!
Ужо сьляпому відаць да чаго гэта можа прывесьці.
А калі не зразумела, зьвярніцеся да гісторыі.
“Рэвалюцыя пажырае сваіх дзяцей”. Сказана было ў 18-м стагодзі.
Рэвалюцыю ў Расейскай імперыі рабілі не бальшавікі-ленінцы ці троцкія-бранштэйны. Сапраўдныя тварцы рэвалюцыі сядзелі ў дварцах і ўладных кабінэтах. Галоўнымі ініцыятарамі рэвалюцыі, зьвяржэньня цара-імператара былі найбліжэйшыя яго сваякі, прыўладныя дзеячы і іх найміты-балбатуны сярод праўладных партый. Галоўнымі фінансавымі спонсарамі рэвалюцыянераў – найбацейшыя людзі і дынастыі краіны. Стваральнікамі і назіралькамі за рэвалюцыянерамі – дзяржаўныя дзеячы.
І чым гэта скончылася? Дзе апынуліся ўсе гэтыя арганізатары і фінансісты?
Афіцэраў масава пачалі забіваць не бальшавікі-ленінцы. Дваран і памешчыкаў па ўсёй краіне рабавалі і палілі іх будынкі масава не троцкія.
Не з кастрычніка краіна паднялася і забурліла. Адхілілі ад улады кіраўніка краіны не рабочыя і сяляне. У вялікую вайну краіну ўцягнулі таксама не простыя сяляне ці нават розначынная інтэлігенцыя. Гэта ўсё рабілі людзі з улады. І масавы рух стваралі непасрэдна ці апасрэдавана таксама ўладныя структуры ці дзеячы. Сёньня ўжо дастаткова для гэтага інфармацыі. Было б жаданьне знайсьці і ўспрыняць.

Я малы чалавек. Мала што разумею. Не маю аніякай інфармацыі, акрамя той, што магу пачуць з тэлевізара ці Інтэрнэта.
Я не ведаю дакладна якія цяжкасьці маюць арганізатары спартовых мерапрыемстваў, аматары-энтузіясты, якія намагаюцца правесьці нейкія пабягушкі, трэйлы,…
Дакладна не ведаю чаму ў гэтым годзе не арганізуюць прабегі Шры-Чынмоеўцы; чаму на будучы год адмаўляюцца ад правядзеньня трэйлаў арганізатары з Федэрацыі прыгодніцкіх гонак; чаму ў гэтым годзе амаль не праводзілі спаборніцтваў клубы аматараў бегу (Аматар, Вікторыя, Сож, з Кобрына, Брэста, Баранавіч,…..). Наўрад ці толькі кавід таму прычына.
Але мне відаць, што ў гэтых энтузіястаў вялікія праблемы. Часьцей усяго яны зьвязаны з нейкімі штучнымі перашкодамі.
Вельмі хацелася б, каб ад нашых улад было болей дапамогі, ці хаця б не перашкаджалі.
Ну і вышэйназваная пастанова Саўміна, як разумею, бье па бегавым руху найболей. Дабівае яго, гэты бегавы рух, абыякавасьць уладаў.
Вынік. Замест таго каб бегаць па лясах, палях, парках, ці вуліцах, актыўная моладзь пайшла на прасьпекты, бунтаваць. Хто ў гэтым зацікаўлены? Не мая кампетэнцыя шукаць адказ на гэтае пытаньне.

Пажаданьні да Уладаў. Дайце магчымасьць грамадству гуляць у нашыя гульні. Не ўцягвайце ў свае. Калі ёсьць магчымасьць, дапамажыце нашым энтузіястам-арганізатарам.

З павагаю да ўсіх, бягун-аматар Уладзіслаў Сосна.

 

Trubkina 17 Ноя 2020 в 12:52 # Ответить
Спасибо, Владислав!
Я считаю, что надо дать больше свободы организаторам неофициальных спортивно-массовых мероприятий с небольшим количеством участников (до 100 человек).
N 17 Ноя 2020 в 17:55 # Ответить
"Я считаю, что надо дать больше свободы организаторам неофициальных спортивно-массовых мероприятий с небольшим количеством участников" (до 100 человек).

-----------------
Не верь, не бойся, не проси (с). При нынешней управе свободы не видать.
Павел 24 Ноя 2020 в 19:25 # Ответить
Владислав, спасибо. Было бы хорошо, если бы ваши мысли (письмо) дошли до получателя (гос.служащих). Думаю можно отправить его в каком-то виде в некоторые гос.органы на электронную почту.

ОтменитьДобавить комментарий