Ближайшие пробеги

21 Сентябрь 2019
Место проведения: Малорита
Малоритский марафон - 2019
28 Сентябрь 2019
Место проведения: Орша
Орша Полумарафон
29 Сентябрь 2019
Место проведения: Минск
"Золотая осень-2019"
05 Октябрь 2019
Место проведения: пгт.Мир
"Дорога замков" и "Жук-трейл #13 Мир"
06 Октябрь 2019
Место проведения: «Национальный парк «Беловежская пуща»
«Беловежская пуща -трейл»
06 Октябрь 2019
Место проведения: Могилев
Могилевский Мебелаин марафон
12 Октябрь 2019
Место проведения: Минск
"Четыре сезона", V этап
12 Октябрь 2019
Место проведения: аг. Языль
«Языльские старты»

Друзья

ПроБЕГ в России и мире

Сайт федерации легкой атлетики

Первая тайминг компания

Клуб бега Виктория

КЛБ Свитанак, г.Жлобин

ЦФОР Заводского района

Универмаг Беларусь

КЛБ Run4Fun

Минский зоопарк

Дельфинарий NEMO

Новый драматический театр

naperegonki

Клуб любителей бега «АМАТАР»


Щучинские сутки не отпускают!

Главная » Новости » 2019 » 2019_8 » Щучинские сутки не отпускают!

Уражанні аб сутачным прабегу ў Шчучыне

 

17-18 жніўня мне пашчасціла правесці вольны час у добрай кампаніі каля возера.  Трошкі парухацца, паразмаўляць з аднадумцамі, прыхільнікамі доўгага бегу. Пакуль яшчэ эмоцыі не прытухлі, на свежую памяць, хачу падзяліцца сваімі ўражаннямі.  Як выцякае з назвы артыкула, рэч пойдзе пра звыш-марафон у Шчучыне, які праводзіла каманда пад кіраўніцтвам Віктара Лісоўскага.

Адразу ж хочацца выказаць вялікую падзяку як самому Віктару, так і яго сям’і, наогул усёй камандзе, якая стварыла для нас, бегуноў, такое цудоўнае СВЯТА! Вялікая падзяка ўсім, хто меў дачыненне да падрыхтоўкі, правядзення і падвядзення вынікаў гэтага мерапрыемства. А відаць што гэта было шмат людзей і структур. Нашыя сродкі, маю на ўвазе стартавыя ўнёскі, - гэта слёзы ў параўнанні з тым што мы атрымалі ў рэшце рэшт.

Што мяне асабіста спадзвігла на такое “шаленства” як удзел у звыш-марафоне, тым болей суткавым прабегу? Само сабой, як вы разумееце, тое што з галавой не ўсё ў мяне добра. Але не толькі гэта.

Шчучын для мяне не проста нейкая кропка на мапе. Шчучын і шчучыншчына – гэта мейсца, дзе праходзіла маё дзяцінства, дзе я вучыўся, рос, мужнеў, дзе жывуць і цяпер блізкія для мяне людзі. І хоць я даўно ўжо не жыву на шчучыншчыне, нейкае прыцягненне да гэтага горада існуе. Таму і стараюся прыехаць на спаборніцтвы па бегу, сумяшчаючы прыемнае (бег) з прыемным (сустрэча са старым знаёмым – Шчучынам).

Мой вопыт удзелу ў звышмарафоне невялікі і не вельмі станоўчы. Астатні раз спрабаваў бегчы звышмарафон у Мінску, дзе праводзіла 12-ці гадзінны прабег марафонская каманда ШрыЧынмоя. Прабег цудоўны. А вось я – не. Сышоў пасьля пераадолення 43 км. Марафон – больш звыклая для мяне дыстанцыя.

Асноўная для мяне праблема – гэта сударагі мускулатуры ног. Марафон нейк  яшчэ дабягаю, а болей….. на жаль вельмі праблемна.  Асноўнае, але не адзіная. 

Трошкі апішу што я рабіў напярэдадні, як падрыхтоўваўся…. Магчыма нешта нехта знойдзе ў маіх апісаннях для сябе карыснае.

 

Па-першае, падрыхтоўка.

Перачытаў шмат што ў Інтэрнэце, у тым ліку і вопыт удзельнікаў шматдзённых прабегаў, праводзімых МКШЧМ у ЗША, у Нью-Ёрку. Шмат там цікавага.  Праглыноў кнігу пра Ці-бег. Шмат чытаў пра электралітны абмен, парушэнне якога лічыцца галоўнай прычынай судараг. Ну і іншае.

 

Актуальнае пытанне было – красоўкі.  Узяў на прабег дзве пары. Адну новую, у якіх бегаў мала. Другую добра “папрацаваўшую” ужо раней. У абедзвюх пар падэшва даволі тоўстая. Гэта важна, бо пакрыццё трасы аказалася даволі цвёрдым. Аб гэтым у Палажэнні арганізатары папярэджвалі. 

Чаму старую пару браў? Ну вядома ж у добра разношаным абутку прыемна бегчы – як у хатнім абутку ногі сябе адчуваюць, правераны абутак…. Але! Ёсць верагоднасць таго, што старыя красоўкі страцілі ўжо якасці, закладзеныя ў іх вытворцам. І ў маім выпадку было гэтак сама. Дзесці клей ужо не трымаўся, дзесці падэшва працерлася… Падклеіў, падрамантаваў. Асаблівую ўвагу звярноў на роўнасць падэшвы. Трохі няроўна ставіш нагу, з перакосам, і праз некалькі дзесяткаў кіламетраў могуць ўзнікнуць сур’ёзныя праблемы з нагамі, суставамі.

Чаму новую пару ўзяў? Ну, па вышэй апісанных абставінах. Хто ведае як і што я там наклеіў?! Могуць расклеіцца, або нейк трохі касаватымі быць… лепш перастрахавацца.

Пабёг адразу ў новых. Калі натру ногі – паўбяды, галоўнае – суставы!

 

Другое не менш актуальнае пытанне – ежа, электралітны абмен….

Не гледзячы на перачытанае ў Інтэрнэце, да адназначнай высновы наконт прычын маіх судараг не прыйшоў. Прычынай іх можа быць розны “перакос” у  балансе электралітаў. І якога электраліта ці нечага іншага не хапае пасля некалькіх гадзін бегу – хто ведае!!?? Многія вырашаюць гэта ўжываннем напояў з рознымі электралітамі ці ўжываючы пад час бегу розныя таблеткі з салямі, вітамінамі. Бывае і дапамагае. Мне аднойчы дапагла звычайная павараная соль, яе прапануюць на пунктах харчавання нават на марафонах. Каб не дапамагала – не прапаноўвалі б. Аднойчы някепска дапамог “панангін”  (солі калію і магнію).  Некаторыя жменямі клынаюць “глюканат кальцыю”. Але пра яго пішуць, што ён амаль не ўсвойваецца арганізмам.  Раней я спрабаваў яго ўжываць і цвёрдым і ў выглядзе воднага раствора – толку мала. Тое самае магу сказаць і пра “кальцый Д3” – не дапамагала. Ды і не вельмі мне хочацца грузіць свой дарагі мне арганізм рознаю “хіміяю”. Няма чаго яго блытаць! Не для таго мы бегаем. Каб піць таблеткі??!! Надварот – каб іх не піць! Так я думаў. Але ўсёж трошкі нечага ўзяў (хоць дурны, але не зусім)!

Ну а яшчэ напярэдадні харчаваўся рознымі стравамі і прадуктамі, пра якія ў Інтэрнэце пішуць што яны ўтрымліваюць шмат ці то калію, ці магнію…. Хто ведае ці ўтрымліваюць. Але гарохавы суп, ці бульба, ці зеляніна… думаю не пашкодзяць. Ну і няхай арганізм не лянуецца – бярэ з гэтага прыроднага харчу тое, што яму патрэбна!

І яшчэ наконт харчу. Арганизатары абяцали дастаткова харчавання пад час спаборництващ. Але…а як пайдзе мне праноўваемы арганізатарамі?! Тое-сёе ўзяў з сабою. 

Улічваючы што браў дзве пары красовак, некальмі змен адзення (хто ведае ў чым там лепей будзе бегчы), а яшчэ “тое-сёе”, то сумка аказалася для мяне вель цяжкою. А яшчэ спальнік (я ж не на чэмпіанат свету еду – як не пабяжыцца, то і паспаць можна)… Але ехаць недалёка… Як небудзь данясу сумку. Галощнае каб бегчы дыло добра…

 

Прыехалі ў Шчучын. Мы разам з Алегам Салянікам прыязжалі на прабег 10 км. Тады спадабалася. Ехалі цягніком. Той раз ішлі нават пешшу ад станцыі. Добрая размінка атрымалася. На гэты раз ад “размінкі” адмовіліся (хапіла розуму!)  Прыехалі прыгарадным аўтобусам, прыйшлі да возера. На другім беразе, пад дрэвамі, насупраць дварца Друцкіх-Любецкіх убачылі нейкі рух. Туды і пайшлі. Не памыліліся. Гэта быў Віктар Лісоўскі са сваёй камандай моладзі. Яны ставілі намёты…., рыхтаваліся да правядзення спаборніцтва.

 

Мейсца гэта было вельмі прыемным амаль ва ўсіх адносінах. Возера. Ад вуліц з рухам (хоць і не вельмі актыўным, але ўсёж) – далёка. Асноўная частка палатак, якія ставілі арганізатары для нашага адпачынку і пераапранання, размяшчалася пад дрэвамі, у цяньку. У некалькі дзесятках метраў цудоўны старынны будынак палацу Друцкіх-Любецкіх. Да рэчы пра палац. Толькі нядаўна я даведаўся, што быў на бале ў сапраўдным палацы, палацы Друцкіх-Любецкіх. Справа ў тым, што наш выпускны школьны бал праходзіў у доме афіцэраў. Як аказалася,  гэты дом афіцэраў  гэта  палац Друцкіх-Любецкіх.  Аб гэтым я даведащся тольки нядащна.

У савецкія часы ў Шчучыне было шмат ваенных. Размяшчаўся пад Шчучынам ваенны аэрадром. У дзяцінстве самалёны-знішчальнікі лёталі шмат над галавою, даволі нізка, гук іх дзвігуноў доўга ў вушах стаяў. Затое калі пазней жыў недалёка ад аэрапарта Жуляны пад Кіевам, гук пасажырскіх самалётаў, заходзячых на пасадку нават ноччу над нашым жытлом я не адчуваў, не звяртаў на яго ўвагу, у адрозненне ад іншых. Аб тых часах напамінае не толькі палац на беразе возера, але і іншае. На другім беразе возера, на ўзвышшы берага, леворуч, стаіць  помнік у гонар тых летакоў і ў напамін пра тыя часы. Угору ірвецца самалёт-знішчальнік.

Трошкі правей – рэстарацыя на беразе возера. Пад час калі мы “наразалі” кругі вакол возера, з рэстарана да возера спускалася шмат моладзі, якая гуляла вяселлі. Было шмат пар маладых і іх сяброў, якія рабілі фотасесію. Усе ў прыгожых строях… Не ведаю як ім было глядзець на нас, а нам на их прыемна было. Перашкод ні ад іх, ні ад іншых адпачываючых ля возера нам не было. А гэтых адпачываючых было нямала. Шмат рыбакоў на возеры. Проста шпацыруючых. Усе ў добрым гумары. Можа і думалі: ”Што за дурні тут бегаюць?!” Але нам настрой не псавалі. Наадварот натхнялі нас шпарчэй рухацца, не паказваць што мы стаміліся.

За рэстарацыяй – царква. Насупраць царквы – касцёл Святой Тэрэзы, кляштар піяраў з былой вучэльняй – Калегіумам ордэна піяраў.  

Усё гэта было перад нашымі зрокамі. Як і само возера, дагледжаныя пешаходныя дарожкі вакол возера, не менш дагледжаныя лаўкі, дрэвы. Утульна, са смакам, без кіча, па-простаму, зручна, добра для спакойнага адпачынку.

Нас засмучала толькі цвёрдае пакрыццё, па якім нам давялося суткі бегчы. Большая частка трасы – бетонная плітка. Але што зробіш?! Вунь у Нью-Ёрку 3100 міль бегаюць па бетунным пакрыцці. І яшчэ, не ведаю як для іншых бегуноў, а для мяне былі непрыемныя бардзюры-прыступкі на трасе, на мосце па вул. Савецкай. Прыходзілася вельмі быць асцярожным, берагчы суставы. 

Рэгістрацыя, выдача нумароў прайшла шпарка. Удзельнікаў на звыш-марафон збіраецца няшмат. Большасць удзельнікаў, як я зразумеў, не больш вопытныя і падрыхтаваныя звышмарафонцы чым я. Толькі Іван Шынкароў выдзяляўся сярод нас сваім немалым стажам звышмарафонца. Ён выступаў неаднаразова на міжнародных спаборніцтвах, заваёўваў там прызавыя месцы.  Але і ён, як і мы, прыехаў у Шчучын не толькі “лётаць”,  “горла раззявіўшы”, а атрымаць асалоду ад горада, наваколля,  дзеля прыемных зносін з пазітыўна настроенымі людзьмі.  Удзел Івана для нас “чайнікаў” быў карысным. Ён не толькі апякоў моладзь з Бабруйска, але і ўсім іншым дапамагаў: каму добраю парадаю, каму сваім дзіўным напоем, каму “сакрэтнаю таблеткаю” з нейкага комплекса вітамінаў-мінералаў.  Гэта ў суме з іншым стварала цудоўную атмасферу.

 

Цудоўная атмасфера стваралася  дзякуючы камандзе арганізатараў. Моладзь. Пазітыўная. Якая спрыяльна  спавілася да нас. Цягавітая! Паспрабуй вытрымай суткі, ці нават некалькі гадзін ноччу, днём пад сонцам. Ім было няпроста,  давялося папрацаваць. Як я разумею, гэта ў большай колькасці выхаванцы Віктара Лісоўскага. Не толькі як выкладчыка гімназіі, але як кіраўніка ў падарожжах…. Добрае пакаленне выхоўваеш Віктар!

 

Асабліва хочацца адзначыць іншых прадстаўнікоў сям’і Віктара Лісоўскага. Гэта дачка Наталля і жонка Алена.  Наталля была галоўным памочнікам Віктара на трасе. Займалася, наколькі разумею, усімі арганізацыйнымі пытаннямі пад час знаходжання бацькі на трасе. А бацька бёг, як і ўсе мы. Як гэта яму ўдавалася сумяшчаць?  Не ведаю. Улічваючы падрыхтоўчую працу і шматлікія арганізацыйныя праблемы, гэта было няпроста. Тым больш, што ён быў і галоўным суддзёй спаборніцтваў! Наталля яшчэ была і галоўным фатографам на трасе. Магчыма яе фота з’явяцца ў Інтэрнэце. Мне Віктар даслаў багатую падборку. За што яму вялікая падзяка. З дазволу аўтара магчыма прыкраплю да артыкула некалькі адметных фота.

Ну а па за трасай вялікую працу рабіла жонка Віктара Алена. Для тых, хто прыехаў напярэдадні, наколькі я ведаю, ею была праведзена цікавая экскурсія па горадзе. На жаль я не прысутнічаў. Ну а ў час спаборніцтваў за ёю была кухня. Ежы было больш чым дастаткова. Я сваё “тое-сёе” амаль усё так і павёз назад да дому. Не хацелася хадзіць да сумкі ў палатцы. Ды і навошта, калі ёсць дастаткова ежы пад намётам ля трасы. Ды яшчэ накладуць ці нальюць, лыжку дадуць….  Было б нядобра для нашых страўнікаў, калі б мы харчаваліся толькі слодычу і садавінаю. Дзякуючы Алене былі супы-баршчы, кашы, макароны розныя, наша незаменная бульбачка….

Добра ўвіхаліся ля стала з харчаваннем маладыя памочнікі арганізатараў прабегу. За што ім вялікая падзяка.

 

Канешне ж мы не толькі каля стала з ежаю круціліся, ці разглядалі наваколле. Калі-нікалі трэба было і па трасе перасоўвацца. А то ад стала маглі і адагнаць (шуткую).  Якая б прыемная атмасфера ні была, але спаборніцва ёсць спаборніцва. І на трасе было і цяжка, і складана , драматычна, балюча нават, але затое цікава.

Старт на 24 гадзіны быў дадзены, як было і прадугледжана Палажэннем, роўна апоўдня ў суботу 17 жніўня 2019г.  14 чалавек адзіным парывам паімчаліся…, можна і так сказаць.  Імчацца ці несціся гэта не пра звышмарафон. Тут самае галоўнае якраз бегчы марудна. А гэта для бегуноў бывае значна складаней чым бегчы хутка. У мяне марудны бег, памалей шасці хвілін на км не атрымоўваецца. Тут, у Шчучыне, застаўляў сябе бегчы марудней. Атрымлівался не вельмі. Было такое ўражанне, што такі тэмп больш стамляе чым больш прывычная для мяне “трусца” па 5,5 ці 6 хв./км. І нават калі я бёг дзесці па 6,5хв./км, Іван Шынкароў казаў, што я захутка бягу. Магчыма. Але я больш марафонец, чым звышмарафонец. 

Моладзь бегла хутчэй. Гэта было зразумела. Куды нам, ужо “паднасіўшымся” да спрыту і энэргіі маладых?! Лідэрства заняў Андрэй Беразоўскі. Ён сярэдняго ўзросту. Таксама зразумела. Усёж даўжэйшая дыстанцыя, звышмарафон, не зусім для моладзі. Хаця  фініш прабегу ў Шчучыне можа і пахіснуць гэтую “ісціну”.  За Андрэем пабегла моладзь з Бабруйска. Што мяне здзівіла, дык гэта тое што даволі шпарка пабёг мужчына з Наваполацку (калі я не блытаю, бо дакладна ўсіх не ведаю). Чаму здзівіла? Як бы карэктней сказаць. Ён не зусім бегавой камплекцыі. Каб ён гіру там падымаў, ці можа штангу… Нават ў лёгкай атлетыцы ёсць дысцыпліны дзе шмат атлетаў паўнаватых – ядро, молат. А тут жа бег! Якая нагрузка на суставы! Ды і па такім цвёрдым пакрыцці! І бяжыць яшчэ, як больш дасведчаныя бегуны адзначылі, выкідваючы нагу ўперад, “утыкаючы” пяткай у плітку. І шпарка бяжыць. Некаторыя кругі разам з Андрэем. Часта нас абганяючы. Нам здавалася, што яго не на доўга хопіць. Але мы памыляліся. Хапіла надоўга, на ўвесь час. Хаця, канечне, ён і збавіў тэмп (а хто з нас не збавіў!?), але трымаўся да канца.

 Прыемна здзівіла Голубева Алена. Справа ў тым, што яна зусім і не лёгкаатлетка. Потым, у канцы ліпеня яна бегла ў Мінску 12 гадзін. І прабегла больш 100км!. Што для аматара ўжо сур’ёзна. А тут, праз 3 тыдні – сутачны! І прабегла, выканаўшы нарматыў КМС. Гэта аматарка, без трэнера, падтрымкі, па бетоннай трасе, не ў самых лепшых умовах надвор’я! Здымаю капялюш!

Зусім не здзівіла Лабарткава Ларыса са Львова! Як заўжды “ціхай сапай” рухалася па трасе.  Шмат каго яна абыходзіла на спаборніцтвах. Непрыкметная, невялікая жанчына. А колькі ў яе упартасці! Бегаючы ноччу па трасе, натхняўся яе нястомным рухам, бегам-хадою, амаль з аднолькавай хуткасцю ўвесь час.  І на фінішы яе і маладую, не менш упартую, нашу Анастасію Трафімчык раздзялілі нейкія 400 метраў! Лабарткава Ларыса не здзівіла! Гэта гонар – прымаць удзел у прабегу, у якім удзельнічаюць такія  атлеты як Ларыса Лабарткава. Ёсць ў каго павучыцца, набрацца вопыту. Яна, наколькі ведаю, мае не толькі багаты  досвед удзелу ў звышмарафонах рознага ўзроўню і працягласці па ўсёй Еўропе, але і досвед горных падарожжаў, альпінізму… Такія асобы – упрыгожанне спаборніцваў! Не меншае чым прыгожыя дзяўтаты мадэльнай знешнасці (маю на ўвазе усіх трох нашых дзяўчат-беларусак, удзельніц 24-х гадзіннага прабегу). Упартасці ў Літвінскай Людмілы не меней, чым у Лабарткавы, ці Голубевай, ці Трафімчык. А можа і болей. Не спыняла рух ні днём, ні ў начы! Каб больш падыходзячы абутак для такой цвёрдай трасы, то яшчэ невядома ці аддала б яна 2..3-е мейсца ў абсалюце!

Рухаючыся па трасе, як вы ўжо зразумелі, мы натхняліся не толькі прыгожымі краявідамі, але і прыгожымі дзяўтамі мадэльнай знешнасці. Якія прыехалі яўна не толькі сябе паказаць і даставіць нам эстэтычную асалоду. Яны нас натхнялі сваёю вытрымкаю, імкненнем наперад!

 

Наконт сябе на трасе. Як  адзначыў вышэй,  ніякіх асаблівых мэт, у сэнсе агульнага кіламетражу, я перад сабою не ставіў. Улічваючы папярэдні адмоўны досвід звышмарафонаў, хацелася прабегчы кіламетраў 40..50, а далеў ужо ад стану здароў’я. Хацелася адпрацаваць некаторыя варыянты стылю бегу, можа харчаванне, ці дабаўкі харчовыя, тактыку нейкую. Для мяне ўсё, што болей 12 гадзін у бегу – космас, невядомасць.

Як пісаў,  з пачатку намагаўся бегчы марудней чым па 6хв./км. Нейк больш-менш атрымлівалася. Хаця і здавалася што мяне гэта занадта стамляе.

Другое.  Вельмі сур’ёзна аднёсся да стылю бегу.  Не “уторквацца”  пяткаю ў цвёрдую сцежку трасы перад сабою. Прыдаваў гэтаму найвялікшую значнаць. І быў першыя гадзіны засяроджаны на гэтым. Бо апасаўся болей у суставах, каленях. У Мінску, на 12-ці гадзінным прабегу, галоўным чынам зышоў пасля 43 км іменна з-за болей у каленных суставах. Не запсаваць суставы была мабыць галоўная мэта. Усё астатняе адыйшло на другі план. Адпрацоўваў дзеля гэтага некаторыя рэкамендацыі, у тым ліку з кнігі Дрэйера “Ці-бег”. Да рэчы цікавая і пазнавальная кніга.

Не ведаю як у мяне атрымлівалася. Глядзеў нават на свой профіль на цені ад фанара ці сонца.  Можа нешта і атрымлівалася. Нейк жа пазбег праблем з каленямі. Хаця разглядаючы фота пасля бегу, не магу сказать што добра выконваў рэкамендацыі.

Гэтага стылю бегу напружана імкнуўся прытрымлівацца, у выніку, толькі першыя гадзіны. Потым было ці не да таго, ці забыў ужо пра гэта, ці тое і другое. На другі дзень, з раніцы, час ад часу прыпамінаў пра гэты стыль. Але ўжо “не замарочваўся”, бег як беглася.

Ну і трэцяя мая мэта – адпрацаваць нейкія дабаўкі, каб пазбегнуць судараг. Таксама для мяне вельмі значная і актуальная. І патрэба ў гэтым не затрымала сябе. Дзесці пасля 30 км паціхеньку сталі “забівацца” цягліцы лытак (ікраножныя мышцы) - першы званочак! Вырашыў пацярпець, пачакаць, паглядзець што будзе адбывацца далей. Ну а далей пачалі ўсё болей балець усе мышцы ніжэй кален (ікры ззаду, недзе з боку, голені…). Ікры ўжо патроху камянелі. Вырашыў папіць “панангіна”. Трошкі стала лягчэй. Але не на доўга. Нейк, церпячы боль, прабегаў 6 гадзін. Набегаў 50км. Чым далей, тым складаней. Усё часцей стаў хадзіць пешшу.  Яшчэ праз гадзіну Алег Салянік паклікаў пайсці адпачыць. Ведаючы чым гэты адпачынак для мяне пагражае, я спачатку адмовіўся. Але потым паддаўся саблазну.  Усё скончылася як і ў папярэднім падобным выпадку – на звышмарафоне ў Маладзечне. Тады я разуўся і паспрабаваў паляжаць. Вельмі балючыя, непраходзячыя сударагі ног гэта зрабіць не далі. Для мяне нейкі рух быў выратаваннем. Ні сядзець, ні, тым болей, ляжаць было немагчыма. Бо любая поза “скручвала” мышцы ног, было невыносна балюча. Прыкладна тое ж самае паўтарылася і ў гэтым разе. Разуўся, скінуў не толькі красоўкі, але і шкарпэткі, і залез у палатку. Паспрабаваўшы розныя позы сядзець-ляжаць, ледзь выпаўз з палаткі. Мышцы круцілі сударагі, боль была жудасная. Прыклаў немалыя намаганні і цярпенне как абуцца. Перад гэтым вырашыў пракалоць валдыры на абедзьвюх нагах. Яны былі надта вялікія.  Абуўшыся падумаў што трэба было шкарпэткі памяняць, адзець сухія. Але было позна. Пайшоў на трасу. У дадатак да судараг яшчэ даволі балюча пяклі праколатыя валдыры. Вырашыў вяртацца, мяняць красоўкі, бо апасаўся сцерці ногі да мяса на месцы валдыроў. Мяняць шкарпэткі не стаў і на гэты раз, бо баяўся што не вытрымаю, пачну раўсці на ўсю акругу аб болю (ад судараг). Навошта ж мне людзей палохаць! Памяняў красоўкі і пашкандыбаў на трасу.

Навошта я так падрабязна аб усіх гэтых шкарпэтках-красоўках?. Каб было ўяўленне аб маім стане.

Дзесці паміж абуваннямі-разуваннямі я вырашыў апробаваць яшчэ адзін сродак.  Да гэтага, як пісаў, праглынуў пару таблетак “панангіну”. Асаблівага ўплыву на стан маіх ног гэта не паўплывала. Еў яшчэ павараную соль трохі. Эфект прыблізна такі як і ад “панангіну”.  З сабою яшчэ меў парашок з шкарлуп курыных яёк. Шкарлупы ад яёк я збіраў, потым іх выварыў (каб сальманэлай не атруціцца), высушыў і змалоў на кофемолцы.   Спрабаваў яго дабаўляць у розныя кашы дома. Здаецца нічога кепскага ад гэтага не было. Добрага таксама. Некаторыя раяць такі парашок, але без тэрмаапрацоўкі. Бо пры тэрмаапрацоўцы кальцый прымае нерастваральную ў вадзе форму і не ўсвойваецца арганізмам. Я не рызыкнуў без тэрмаапрацоўкі, бо не хацелася заняць адзіны біатуалет да канца спаборніцтваў.  Некаторыя не вараць шкарлупы, а пракальваюць. Я вырашыў, што варыць мне прасцей, і тэмпература меншая. Спрабаваў нават гэты парашок у вінным уксусе раствараць і потым дабаўляць у страву. Ён можа трохі і раствараўся, але нязначна. Мне гэта не спадабалася. Дык вось, паміж перабуваннем я праглынуў дзесці трэцюю частку парашку, што браў з сабою – парашок адчаю! Запіў тым, што пад руку папала. А трапіла пад руку  першы раз – сок з памідораў (падсолены),  другі – вада. Чаму другі раз піў? Вырашыў, што соль натрыю разам з кальцыем не трэба ўжываць. Бо, як піша Інтэрнэт, натрый – антаганіст кальцыю. І пры прыёме іх разам, яны адно аднаму перашкаджаюць.

Дык вось, зрабіўшы ўсе апісанае (паеўшы шкарлуп, пераабуўшыся), кепска цямячы што творыцца навокал, мала што бачачы, я пацягнуўся ў бок трасы. Калі рухаешся боль ад судараг значна змяншаецца. Ну я і рухаўся, уцякаючы ад болю. Дзе пяшком, дзе падбягаў. Час ад часу станавіўся і “падпіраў” слупы (спрабаваў расцягнуць мышцы лытак). Алег Салянік спрабаваў мне нейк дапамагчы расцягнуць мышцы ног каб меней балелі, не так сударага зводзіла…..

А навокал ішлі спаборніцвы. Людзі мабыць бегалі (кепска памятую гэта, бо не да таго было).

А яшчэ. У небе лёталі самалёты, верталёты. Я гэта прыгадваю як праз туман.

Шчучын святкаваў дзень гораду. Асноўнае свята адбывалася на аэрадроме. Справа ў тым, што калі ваенныя самалёты былі выведзены ў Расею, аэрадром астаўся пуставаць. А ён жа вельмі якасны. Вось і аддалі некалькі палос пад малую авіацыю. Ну і шмат хто ў Шчучыне памятае пра тое, што Шчучын – горад авіатараў. Шмат засталося былых ваенных…. Не дзіўна што цэнтрам святкавання дня гораду стаў аэрадром. А ў паветры на свяце было шмат авіацыі. На жаль я гэтага амаль не бачыў, бо было не да таго, быў засяроджаны на сваіх болях….

Але… час ішоў. І дзесці перад заходам сонца, я заўважыў што у мяне ўжо голені баляць болей чым ікры! Дык гэта ж цудоўна!  Раней сударагі ікр перабівалі ўсе астанія болі. А калі стаў адчуваць болі надкостніцы болей чым ікр, то значыць ікры стала адпускаць! Што на гэта паўплывала - ???  Мо рух, мо ежа якая, можа “панангін” толькі цяпер спрацаваў, а можа і курыныя шкарлупкі? Але мне здаецца што рух. Арганізм прыйшоў да высновы, што гэты хлопец з дурною галавою і не думае спыняцца. Таму прыйдзецца выцягваць з запасаў нейкія рэзервы. Ну і выцягнуў тое, што яму было патрэбна. І у той колькасці, якая патрабавалася каб гэты дурань далей мог рухацца. Лічу, што ў нашага арганізму дастаткова рэзерваў на цяжкія часы. Ну а ўжо суткі ён можа пратрымацца пры такіх умовах адназначна, і без асаблівай страты для сябе!

 

Гляджу што артыкул прымае надта ужо вялікія памеры. Таму на гэтым напэўна мае сэнс спыніцца. Калі будзе дзесці выкладзены ў Інтэрнэце, будзе прачытаны, і зацікавіць многіх,  - будзе працяг. Як разумееце, было і далей цікава. Можа не вельмі для вопытных звыш-марафонцаў, а для навічкоў вопыт такога ж “чайніка” можа быць цікавым.

І яшчэ. Думаю многія ўдзельнікі прабегу перажылі прыблізна нешта падобнае. І мой досвед не з’яўляецца нечым выключным. 

 

21.08.2019

Тэкст – Сосна Уладзіслаў

Фота – Лісоўская Наталля

 

Trubkina 22 Авг 2019 в 06:53 # Ответить
Очень интересно, жду продолжения!
Zhydovich Vadzim 22 Авг 2019 в 09:23 # Ответить
Уладзь, нарэшце зразумеу, чыя такая сакавiтая беларуская мова! Артыкул шыкоуны, атмасферны, цеплы. Вялiкi дзякуй
Барыс 22 Авг 2019 в 10:36 # Ответить
Малайца, Уладзiмiр! Здароуя Вам i новых цiкавых стартау!
Влад 22 Авг 2019 в 12:59 # Ответить
Дзякуй усім за прыемныя словы і пажаданні. Натхняюся напісаць працяг.

ОтменитьДобавить комментарий