Клуб любителей бега «АМАТАР»


Третьи сутки ... о Щучине))

Главная » Новости » 2019 » 2019_8 » Третьи сутки ... о Щучине))

Уражанні аб сутачным прабегу ў Шчучыне. Частка другая

 

Як зразумеў,  мая пісаніна зацікавіла некаторых. Таму прадоўжу апісанне сваіх перажыванняў і ўражанняў са звышмарафона ў Шчучыне.

 Папярэдняя частка апісвала уражанні да падвячорка. Пра сябе пісаў, што пад вечар мне стала лягчэй. Магчыма на маім стане адбілася тое што сонца ўжо не пякло так як днём. А ў дзень прыпякала яно добра. Хаця тэмпература паветра і не была надта ўжо высокая, дзесці +25…+26. Трошкі дзмуў вецярок, пераменных напрамкаў. Яго моц была невялічкай. Роўна такой, каб нас трошкі астуджаць і, у той жа час, не перашкаджаць нашаму бегу.

Магчыма і страты нашымі арганізмамі электралітаў былі большымі калі сонца было высока, пацелі болей. А як сонца ўжо сядала за небасхіл, то і страты салей-электралітаў зменшыліся. І судараг ужо не было. Як бы то ні было, палягчэла.

Апішу яшчэ адну немалаважную справу. Аб якой  у прыстойным грамадстве не прынята весці гаворку. Але гэта для бегунуў (і не толькі бегуноў) немалаважная частка існавання.  Туалет. Я ўжо чалавек не малады. Без сядушкі, у позе горнага арла ў грамадскім туалеце хадзіць складана. Ну а пасля некалькіх дзесяткаў кіламераў…. А пры сударагах ног!? Было б  вельмі ўражваюча каб схапілі сударагі пад час знаходжання ў біатуалеце, і я, не вытрываўшы, пачаў крычаць. З’ява была б цікаваю! А біатуалет стаяў так, што не толькі бегуны чулі б гэты крык, але і многія гараджане, якія актыўна рухаліся ў бок аэрадрома на свята ці адтуль да дому.  Але пад вечар мае ногі адпусціла і я такі наважыўся зрабіць гэтую справу. Дзякуй Богу, сударагі не сталі мяне турбаваць. Альтэрнатыва біатуалету была – туалет у палацы. Але туды ісці далей, і там лесвіцы, шмат прыступак, таксама няпроста.  Як бы там ні было, але ўсё абыйшлося. Аблягчэнне ва ўсіх сэнсах прыйшло. Маю на ўвазе ў першую чаргу, канешне, стан маіх ног.

Трошкі болей, напэўна, трэба сказаць яшчэ аб асяродку, агульнай атмасферы… у сэнсе нашага знаходжання ў грамадстве, сярод людзей, як мы ўпісваліся….

На прабегу ў Шчучыне яшчэ больш адчуў, асазнаў чаму, напрыклад, вельмі працяглы прабег на 3100 міль у Нью-Ёрку праводзіцца па вуліцах горада, ў звычайным жылым раёне. Там, дзе шмат руху можа быць, мінакоў, ідзе звычайнаяе паўсядзённае жыцце  тутэйшага насельніцтва.  А не па нейкай трасе наводшыбе, далёка ад людзей. Астатняе было б вельмі сумна для бегунуў.  А калі сярод людзей, з’яўляючыся часткай “чалавечага муравейніку”, то і бегчы значна весялей. Бегуны становяцца ўжо як бы часткай пейзажу для астатніх. Ну а бегунам утульней асабліва не выдзяляцца ў гэтым пейзажы, быць як бы з усімі.

Атут, у Шчучыне,  навокал нас жыццё калі не сказаць што віравала, але і ціхім не было. Як пісаў, ля возера стаіць рэстаран, у якім, відаць, гулялі вяселлі. Маладыя пары з сябрамі выходзілі на ўзбярэжжа возера, дзе праходзіла траса нашага прабегу. Нам было цікава, прыемна бачыць моладзь у прыгожых строях.  Частка трасы праходзіла па мосце праз рэчку. Там ішла вуліца, звязваючая жылы раён гораду (былы ваенны гарадок) з аэрадромам, дзе пад час нашага прабегу адбываліся розныя падзеі, праходзіла свята, выступалі розныя музычныя групы…. І па гэтым мосце быў пастаянны людскі рух у бок аэрадрому, ці наадварот з аэрадрома ў бок жылога раёну.  Гэты людскі рух нам не быў перашкодаю. Па вуліцы праз масток машын ішло няшмат. І калі праз мост па пешаходнай частцы ішлі людзі, мы маглі абмінаць іх па праезжай частцы без асаблівай рызыкі. Машын, як адмеціў, было мала. Нас бывала мінакі і прапускалі,  спрыяльна адносіліся да таго што мы тут беглі, аддавалі нам перавагу ў руху. Усё гэта таксама стварала нейкую душэўную, добразычлівую  атмасферу. Спрыяльныя адносіны да бегунуў гараджан Шчучына – прыемны бонус гэтага прабегу. На жаль, не заўсёды так бывае. Бывае настарожана-нейтральнае, а то і ў нейкім сэнсе агрэсіўнае стаўленне да бегуноў.  Тут такога не было. Нават з боку, скажам так, “адпачываючай”  на лаўках ля возера моладзі, якая яўна ўжывала спіртныя напоі, можа ў большай чым трэба колькасці. Нават гэтая моладзь нам не стварала праблем. Але  такіх было мала. Напрыклад з тых хто рухаўся на свята на аэрадром, ці ў зваротным напрамку, п’яных я не прыкмеціў.

Яшчэ адну акалічнасць адзначыў ужо пасля прабегу, ідучы па вуліцы свайго гораду. Калі ўперадзе ішоў мужчына і “псаваў паветра” цыгарэтным дымам. Для нас бегунуў дым наогул, і тытунёвы ў прыватнасці, даволі непрыемная рэч, нават калі мы не бяжым. А на спаборніцтвах - тым болей. Дык вось, успамінаючы ўвесь прабег, я не магу прыпомніць каб нехта курыў з тых каго мы міналі пад час бегу. А людзей, як  пісаў, было шмат. Гэта і мінакі, ішоўшыя на свята на аэрадром; і рыбакі на возеры; і людзі рознага узросту шпацыруючыя ўздоўж возера; моладзь з рэстарацыі; кампаніі “адпачываючых” на лаўках ўздоўж возера…. Шмат людзей, а курыльшчыкаў не прыпамінаю. Мо яны і былі. Але перашкаджаючага, непрыемнага  мне тытунёвага дыму не прыпамінаю. Гэта таксама немалаважна!

 

Вяртаюся да самога спаборніцва, да бегу і майго стану ў  ім. Як пісаў, пад вечар стала лягчэй бегчы, не так мышцы ног турбавалі. Не сказаў бы што яны зусім не балелі. Канешне ж балелі. І гэта зразумела – прайшло некалькі гадзін у руху. Але гэтая боль была прымальнаю, асабліва руху не перашкаджала.  Тамі і рухаўся, перамяжаючы, чарадуючы бег з хадою пешшу. Прыемней было яшчэ рухацца і таму, што я не быў такі самотны, засяроджаны толькі на сабе, сваіх балячках як днём. Мог дазволіць ужо і бяседы, сумесны бег ці хаду з іншымі удзельнікамі прабегу. Гэта значна паляпшала існаванне на трасе. Час ад часу рухаўся то з адным, то з другім, блізкімі да мяне па хуткасці перамяшчэнне. 

Так праходзіў час, у руху, гаворках. Пасля заходу сонца стала прахладна, трэба было пераапранацца. Тут былі варыянты. Або апрануць трошкі цяплейшую майку, а потым, ужо ноччу апрануць цяплейшае адзенне. Або трошкі пацярпець і апрануць адразу начны варыянт. Я, палянаваўшыся, выбраў другі варыянт. І, мне здаецца, напрасна. Лепш было лішні раз пераапрануцца. Майка ў якой бегаў днём – сінтэціка, зусім цяпло не трымала. І вечарам мне было даволі няўтульна, халаднавата, нават горла трошкі запяршыла. Усёж арганізм аслаблены доўгім бегам, адчувальны становіцца да прастуды . І пасля спаборніцтваў вылез такі на вуснах герпес. З другога боку начны варыянт адзення цёплым вечарам быў занадта цёплым. Пры бегу было трошкі загарачо, пацеў. А пацець не хацелася, у тым ліку гэта была непатрэбная трата тых самых электралітаў.  Таму часцей пераходзіў на рух пешшу.  У маім выпадку гэта не надта турбавала. Але пры жаданні паказаць вышэйшы вынік, такі варыянт пераапранання горшы. Мне так здаецца.

 

А вакол станавілася яшчэ цікавей. У прыцемках беглася нейк весялей. Нечакана раней чым анансавалася пачаўся феерверк. І, чамусці не з боку аэрадрома, дзе праходзіла свята.  Відовішча цікавае, прыемнае для нас. Бегчы весялей. Мы з Алегам Шабанавым вырашылі што будзе яшчэ салют, пазней. Віктар казаў, што маецца быць у 23.00, а гэты адбыўся раней. Вядома для нас “лішні” салют не быў лішнім. Нас ён парадаваў.

 

У 23.00 павінны стартаваць нашыя калегі-бегуны на 12 гадзін. Яны ўжо патрошку збіраліся,  ля намётаў судзяў, ”кучкаваліся”. Нам гэта прыдавала бадзёрасці. Віктар Лісоўскі ўжо адлучыўся ад нас з трасы, пайшоў падрыхтоўваць старт на 12 гадзін. Ён жа не толькі удзельнік забегу на 24 гадзіны, але і галоўны арганізатар і галоўны судзя спаборніцтваў! 

Адбыўся старт на 12 гадзін. Хоць удзельнікаў  няшмат, але яны вельмі актыўныя. Нам стала бегчы значна прыемней. Справа ў тым, што некаторые з удзельнікаў на 24 гадзіны ўжо даволі стаміліся, “прысталі”, як бы “патухлі”. Сумнавата ўжо выглядалі. Некаторыя не толькі часцей і даўжэй каля стала з ежаю затрымліваліся, але і рушылі ў бок палатак. Хтосьці вырашыў – а ну яго гэты бег, пайду паляжу – няхай дурні бегаюць.  Мне ляжаць не хацелася, і не толькі таму што не зусім стаміўся. Былі апасенні што як толькі залягу, то зноў пачнуцца праблемы з сударагамі. Палічыў за лепшае рухацца.  Ну і натхнялі на гэты рух хлопцы і дзяўчаты, стартаваўшыя на 12 гадзін. Асабліва прыемна было глядзець на сяброў-супернікаў Івана Ляонава і Паўла Куляша. Вельмі працяглы час яны беглі разам, часта нас мінаючы. Гэта і нам прыдавала бадзёрасці. Ну і вядома ж не хацелася бегчы нашмат марудней чым астатнія ўдзельнікі на 12 гадзін. Яны нас таксама час ад часу абганялі, тым самым стымулюючы на больш бадзёры рух. 

 

А навокал была ўжо ноч. Яшчэ не глыбокая. Паветра яшчэ было цёплым. Было ўключана святло на электрычных фанарах па ўсёй трасе. Не вельмі яскравае, але зато нейкае ўтульнае.  Вельмі прыгожа гэта ўсё выглядала. Нам гэта прыдавала сілы,  энэргіі, не было нават думкі пайсці “мяць твар” у палатцы. Ды і людзей, акрамя бегуноў, асабліва не паменшала ў раёне трасы. Амаль да світання быў людскі рух. І гэта нам не давала раслабіцца.

Толькі дзесці ўжо на досвітку амаль зніклі людзі. Але і гэты час па-свойму цікавы. Вельмі прыгожа пачало трошкі святлець на поўдні неба. Стала цішэй. Прыкмеціў, што на масту большым, дзе мы беглі блізка да вадаскіду,  абдавала цёплым паветрам ад вады. Бо яна цяплейшая раніцай за паветра. Трошкі пачынаўся рух транспарту па вуліцах. Усе гэтыя перажыванні надавалі нейкую душэўнасць, яднанне з  навакольным асяродзем. Хацелася і далей рухацца, упітваць гэтую прыгажосць асяродзя, насалоджвацца прыемнымі момантамі.  З’явіўся першы, самы ранішні рыбак на возеры. Ён нават і вуду не закідваў. Ён упітваў раніцу, наваколле, глядзеў на нас – шалёных бегуноў, якія больш паўсутак на трасе.  І быў ён нам як родны ўжо. Вось у такім настроі мы і працягвалі рух.

 

Вядома ж мы насалоджваліся ня толькі пейзажамі, разгляданнем людзей, падзей, наваколля   і размовамі паміж сабою. Трэба было ўжываць і нешта матэрыяльнае для падтрымкі фізічнага стану. Як пісаў раней, яды хапала. І папіць – вада, гарбата, кампот і іншае. І для перакусу – розная садавіна, печыва розных сартоў і памераў, бутэрброды…  Ну і канешне ж прыгатаваныя Аленаю Лісоўскаю смачныя хатнія  стравы.  Гэта было вельмі важна. Бо ўжо пад вечар салодкага і сухога нічога не хацелася. І боршч ад Алены быў вельмі дарэчы і своечасова. І тушаная наша беларуская бульбачка паказалася смачнаю як ніколі. Мы і ўвіхаліся не толькі на трасе, але і каля стала. Я, баючыся перагрузіцца, спачатку еў патрошку. А потым, гледзячы на тое, што правальваюцца недзе гэтыя стравы, і знаку няма, такі “навярноў” пару місак добрых. Бачыў, што ў дабаўках не абмяжоўвалі – ежы хапала. Вялікі паклон Алене – накарміла не толькі бегуноў, але, як я зразумеў, і маладых галодных валанцёраў.  Чым яе адзячыць – не ведаю! Я трошкі не разлічыў магчымасці свайго стомленага арганізму. Не пра рух ідзе гаворка. Пераеў. Бегаць стала складаней. Мо яшчэ адна акалічнасць адыграла ролю. Арганізм не прывык позна есці, тым болей у начы. У гэты час ён прывык адпачываць, у тым ліку і страўнік.  А тут яго падгрузілі. І яшчэ адно, аб чым напішу пазняй, падводзячы нейкія высновы. Карацей, бегчы стала трошкі цяжэй пасля пераядання. Але, мяркую, без ежы зусім не пабёг бы. Так што цяжка сказаць што лепей – недаесці ці пераесці.

Розная хатняя яда ўжо не знікала са стала аж да заканчэння спаборніцтваў.  З’яўляліся на стале пазней макароны – у два заходы, розных сартоў; смачная грэчка; у канцы не менш смачная аўсянка. І да гэтага – рознае: салаты, курыца, бутэрброды…. Спачатку апасаўся, што салодкая аўсянка не пайдзе ў канцы. Пайшла! І някепска пайшла! А потым ўгледзеў маліну. Як было смачна закусіць салодкую аўсянку трошкі з кіслінкаю малінаю! Гэта не яда – раскоша! Мы такога не заслугоўваем!

 

Але ж мы сабраліся  не краявідамі насалоджвацца і розныя стравы смакаваць. Мы ж на спаборніцва па бегу прыехалі. Трэба нешта і пра бег напісаць, пра перыпетыіі барацьбы на трасе. Па праўдзе сказаць, нічога не магу напісаць пра барацьбу. Ці то яе не было, ці мо я яе не адчуваў… Не ведаю. Як пісаў, ў  першыя 6 гадзін нейк набёг 50 км. Потым мне было не да барацьбы з астатнімі, я змагаўся са сваімі асабістымі праблемамі, нават і не глядзеў што там на дошцы арганізатары пішуць. А пісалі яны вынікі кожнага з удзельнікаў прабегу, абнаўляючы інфармацыю праз кожныя 2 гадзіны.  Як стала змяркацца, мне ўжо трохі стала лягчэй, мог і глядзець вынікі. Але што там іх глядзець! І так зразумела што добра адстаю ад асноўнай масы. Ну і ў цемені, у штучным свеце  фанароў не асабліва бачыў што там напісана. Зрок ужо ня той. Ды і патрэбы не было асаблівай прыглядацца. Толькі апоўначы пацікавіўся колькі ж у мяне у выніку за 12 гадзін атрымалася. А атрымалася 80 км. Не так ужо і кепска, улічваючы мой стан на працягу некалькіх гадзін перад заходам сонца, і на страчаны час на няпростыя пераабуванні-пераапрананні. Пасля поўначы наогул не цікавіўся. Толькі як добра развіднела вырашыў зазірнуць на дошку, паглядзець ужо на вынікі і свае і іншых. Справа ў тым, што ноччу беглі не ўсе, і я меркаваў, што мо не так і кепска ўжо павінен выглядаць на фоне іншых. Так і атрымалася. Абсалютныя ліжбы ўжо з галавы павыскаквалі. Не помню колькі набёг. Тады  зразумеў, што дзесьці ў сярэдзіне знаходжуся. Ва ўсякім разе бачыў лічбы меншыя чым свае. Гэта трошкі натхняла. Хаця не вельмі, бо разумеў, што ў любы час можа арганізм  “выключыцца” і ўсе гэтыя лічбы мае астануцца на тым жа месцы, а адпачыўшыя за ноч калегі лёгка мяне абгоняць. Галоўная барацьба, змаганне было яшчэ наперадзе і галоўным чынам з сабою, са сваёю немаччу, слабасцю. Толькі гэта было важным, вырашальным. І сэнсу параўноваць з некім свае прамежкавыя вынікі не было ніякага.  Так і рухаўся.

За некалькі гадзін да поўдня нядзелі, да нашага фінішу, глянаўшы на дошку заўважыў, што наперадзе ад мяне меней 20 км ідуць Алена Голубева і Алег Шабанаў. На іх і арыентаваўся, як на маякі. Трэба ж было за некім гнацца, каб быў стымул бегчы. Але “гнаўся”  не вельмі. Часта хадзіў, размаўляючы з тым самым “супернікам” – Алегам Шабанавым. Не дзеля барацьбы мы там сабраліся. Добрая гутарка на розныя тэмы з калегамі-бегунамі не менш карысная і прыемная рэч. Толькі за пару гадзін да фініша, калі Віктар сказаў, што мы дзесьці на адным крузе з Андрэем Беразоўскім, і што ў мяне ёсць шанец папасці ў абсалют (прызавое мейсца ў абсалюце), я вырашыў сур’ёзней аднесціся да бегу. І паспрабаваў “уключыцца”. Але “уключацель” ужо кепска працаваў. Андрэй выглядаў пасля адпачынку свяжэйшым, ды й малодшы ён. У суботу ён лідыраваў. Потым, ноччу вырашыў адпачыць. За ноч яго абыйшоў малады хлопец з Бабруйска. Дагналі і абыйшлі нават Алег Шабанаў і Алёна Голубева. Ну а мне ён ужо вырашыў не паддавацца. А ў мяне нейкі азарт з’явіўся.  Ну і пачалі мы патроху з ім цягацца на трасе. Не ведаю наколькі ён сур’ёзна адносіўся да гэтага “цягання” – наўрад! Але ўсёж змагаўся. Ну і мяне азарт узяў. Хоць і сіл ужо асаблівых не было, але змагаўся.  Гледзячы на нас з Андрэем, пачаў уключацца ў барацьбу і Алег Шабанаў. Напэўна падумаў, што гэтыя шалёныя могуць і яго абыйсці, і застанецца ён на 4-ым мейсцы.  Так і бегалі да канца, паджартоўваючы над сабою і адзін над адным.  Можна было спытаць у шчотчыкаў колькі там кругоў у нас, але ні я, ні яны гэтым не “замарочваліся”. Бачылі толькі паказчыкі на 22 гадзіны. А колькі  на працягу астатніх 2  гадзін мы прабеглі - ??? Толькі калі аставалася бегчы меней круга, меней 5 хвілін, я вырашыў ужо не бегчы гэты няпоўны круг. Нашу барацьбу бачылі і судзі-лічыльнікі. Яны паглядзелі колькі ў нас з Андрэем кругоў. Аказалася ў мяне поўных кругоў на два болей. Гэта значыць Андрэй мяне ўжо не мог дагнаць за астаўшыяся хвіліны. Ну я і прыпыніўся на лініі фінішу. Моладзь на калькулятары вырашыла падлічыць які ў мяне кіламетраж. Памножылі кругі на кіламетры, атрымалася 158.800. Вось тут я зноў “уключыўся”. Палічыў мець больш прыстойныя лічбы 160…. Сказаў аб гэтым судзям і прыпусціў… Наўздагон пачуў, што ў мяне 4 хвіліны каб дабегчы да паварота на масток. “Прыпусціў” за надта хутка для немаладога “спарцмена”, пераадолеўша ўжо амаль 160км за суткі. Прыйшлося прыпыняцца каб трошкі перадыхнуць. Перадыхноўшы, ужо павольней трохі, рушыў далей. Дабёг да паварота на масток, потым да мастка, потым праз масток… Гляджу на гадзіннік, у бок судзяў – пакуль не крычаць “стоп”, бягу далей. Так паўкруга і праімчаўся. Потым дзяўчаты пыталі: “Што ты стаяў каля судзей, а потым сарваўся як шалёны цуцык з ланцуга?”. Я растлумачыў. Пасьмяяліся.  Потым было ўзнагароджанне. Фотасэсія…

Вельмі прыгожыя “кубкі”, медалі. Памятныя медалі – кожнаму. Большасць атрымалі, граматы, медалі за прызавыя мейсцы, “кубкі”. Гэтыя сувеніры выраблены мясцовым жыхаром, эксклюзіўныя.

Вось так і скончыўся сутачны прабег у Шчучыне.

Пратакол ужо надрукаваны.

Нейкія высновы падвяду трошкі пазней. Магчыма ў кагосці ёсьць пытаньнні. Адкажу ў каментарах, або ў трэцяй частцы, дзе і паспрабую зрабіць нейкія высновы са свайго досвіду ва ўдзеле ў такім цікавым мерапрыемстве. Новая практыка і новыя ўражанні для мяне. Магчыма штосці карыснае той ці іншы найдзе для сябе ў маім вопыце і маёй пісаніне.

Да мейсца, лічу фота Наталлі Лісоўскай, якія і высылаю з яе дазволу разам са сваімі ўражаннямі.

 

 

22.08.2019

Тэкст – Уладзіслаў Сосна

Фота – Лісоўскай Наталлі

N 23 авг 2019 в 06:39 # Ответить
Самозабвенное любование (истязание) не есть фетишизм, что подразумевает его нейтралитет и право быть среди толпы. Жизнь так хороша и многогранна, счастлив тот, кому подобное искусить досталось под завязку. Симпатично такое проявление сущности своей. Стоит так дерзать, занятие сие небесполезно, смысл имеет.
Trubkina 23 авг 2019 в 08:28 # Ответить
Владислав, спасибо за продолжение рассказа! А после пробега Вы нормально себя чувствуете?
Олег Шабанов 23 авг 2019 в 12:35 # Ответить
Влад, спасибо за такой подробный и интересный отчёт о прошедшем пробеге. Читал и как-будто опять участвовал, беседы с тобой на трассе помогали преодолевать очередные километры. Оказывается ты и пишешь ещё очень увлекательно . Ещё раз спасибо и до встречи на очередных стартах.
Влад 23 авг 2019 в 16:47 # Ответить
Дзякую за словы падтрымкі.
Інна, наконт самаадчування. Вы бачыце па маіх нататках які эмацыйны мой настрой пасля спаборніцтваў. Даўно ўдзельнічаю ў прабегах, здаецца павінен быў прывыкнуць. Але, вось бачыце, эмоцыі захліснулі. А псіхалагічны, эмацыйны стан здароў'я - галоўнае. Фізічнае загоіцца, з цягам часу прыйдзе ў норму.
Усім добрага самаадчування і гумару.

ОтменитьДобавить комментарий