Ближайшие пробеги

24 Ноябрь 2024
Место проведения: Минск
Парковый марафон

Друзья

ПроБЕГ в России и мире

Сайт федерации легкой атлетики

Первая тайминг компания

Беговая лига

Дарида

game-stream

Забег

Минский зоопарк

Дельфинарий NEMO

Клуб любителей бега «АМАТАР»


Гродненская десятка

Главная » Новости » 2016 » 2016_4 » Гродненская десятка

ГРОДЗЕНСКАЯ НАЧНАЯ ДЗЯСЯТКА, АБО ДЗЕСЯЦЬ ДУМАК ПРА АДЗІН З САМЫХ ПАЗІТЫЎНЫХ ПРАБЕГАЎ

23 ліпеня мне давялося стаць удзельнікам і прызёрам прабегу, аналагаў якога ў Беларусі яшчэ не было – “Гродзенскай начной дзясяткі”. Новы прабег пакінуў пасля сябе самыя пазітыўныя думкі і ўражанні, якімі вырашыў падзяліцца ніжэй.

Думка першая. У наш час кожны сур’ёзны прабег мае свой сайт, на якім прадстаўлена ўся неабходная інфармацыя. Прыемна, што “Гродзенская начная дзясятка” стала, калі не памыляюся, трэцім у Беларусі прабегам, які мае ўласны сайт (пасля Міжнароднага марафона дружбы і Мінскага паўмарафона). Акрамя таго, “Начная дзясятка” прадстаўлена і ў сацыяльных сетках, што робіць інфармацыю пра яе даступнай больш шырокаму колу патэнцыйных удзельнікаў. Адзначу, што ўсе старонкі аператыўна абнаўляюцца.

Думка другая. У адным з артыкулаў пра “Гродзенскую начную дзястку” адзначалася, што арганізатарамі прабега сталі прадстаўнікі новага пакалення – маладыя кіраўнікі, якія самі вядуць актыўны лад жыцця. Гэта сапраўды так, паколькі і Віктар Шумель, і Дзмітрый Крапіўка, якія толькі нядаўна адзначылі 30-годдзе, не толькі з’яўляюцца прыхільнікамі здаровага ладу жыцця, але і самі актыўна ўдзельнічаюць у прабегах. Пры гэтым на іх рахунку не толькі марафоны, але і больш працяглыя дыстанцыі – напрыклад, прабегі на 100 км. Адзначу, што літаральна за пару тыдняў да старту Д. Крапіўка стаў прызёрам прабегу “Тры сіці-трэйл” на дыстанцыі 80 км у польскім Гданьску.

Думка трэцяя. Паколькі і Віктар Шумель, і Дзмітрый Крапіўка шматкроць удзельнічалі ў прабегах за мяжой, то пры арганізацыі “Начной дзясяткі” яны выкарысталі замежны досвед. Па-першае, гэта нестандартны час пачатку прабега – 23.00. Нестандартны і нязвыклы ён для нас, а вось за мяжой начныя прабегі даўно карыстаюцца папулярнасцю. Па-другое, гэта дыферанцаваная аплата за ўдзел у прабегу. Калі ўдзельнік рэгіструецца на сайце і да вызначанага часу аплачвае ўдзел у спаборніцтвах, то сума аплаты не такая высокая, як, скажам, у дзень спаборнітцваў. Акрамя таго, усім тым, чый дзень народзінаў прыпадаў на 23-24 ліпеня, была прадугледжана 50% зніжка – выдатны стымул паспрабаваць свае сілы на дыстанцыі! Па-трэцяе, у розных кропках дыстанцыі працавалі фатографы, якія стараліся не прапусіць ніводнага ўдзельніка са 111 чалавек, якія стартавалі ўвечары 23 ліпеня.

Думка чацвёртая. Новы прабег парадаваў новымі дыстанцыямі – 3 333, 6 666 і 9 999 м. Натуральна, кожны ўдзельнік мог выбраць тую дыстанцыю, якая найбольш яму падыходзіць. Нестандартнай была і траса – не шаша і не сцежка ў лесе, а пагоркі парку актаўнага адпачынку “Каробчыцкі алімп” пад Гродна, дзе ўдзельнікам давялося змагацца не столькі з цемрай (траса добра і прыгожа асвятлялася ліхтарамі) і травяным пакрыццём (зямля было сухой, а трава – падстрыжанай), колькі з зацяжнымі пад’ёмамі і спускамі – на адным крузе набор вышыні складаў больш за 70 м!

Думка пятая. У тэлефоннай размове на наступны дзень пасля прабегу Віктар Шумель папрасіў не саромецца і выказаць крытычныя заўвагі, паколькі ім, арганізатарам, хочацца ўдасканальваць “Начную дзясятку”. Шчыра кажучы, скаладана рабіць заўвагі на фоне такой прадуманай арганізацыі і пазітыўнай атмасферы. Што можна параіць арганізатарам яшчэ? Зрабіць фінішную стужку, ставіць дату не толькі на медалях, але і на памятных кубках пераможцам і прызёрам, рабіць стартавыя нумары імяннымі…

Думка шостая. Дарэчы, нумары, хоць і не былі імяннымі, але ж мелі чыпы – электронная рэгістрацыя вынікаў удзельінкаў спаборніцтваў дазволіла хутка і аб’ектыўна падвесці вынікі прабегу на ўсіх дыстанцыях. Арыгінальныя медалі, якія атрымаў кожны з фінішораў, – таксама нязменны атрыбут сучасных прабегаў.

Думка сёмая. Гукавое суправаджэнне спаборніцтваў. Перад стартам гучала адпаведная музыка, якая матывавала ўдзельнікаў на хутчэйшае пераадольванне дыстанцыі. Пад музыку была праведзена агульная размінка, якая таксама дазволіла атрымаць зарад пазітыву. Нарэшце, ход спаборніцтваў каментаваў вядоўца, які трымаў у курсе ўсіх прысутных як пра падзеі на дыстанцыі, так і пра тых, хто завяршаў свой бег. Дарэчнымі і своечасовымі былі інтэрв’ю з пераможцамі прабегу.

Думка восьмая. Вячэра. Калі перад марафонамі праводзіцца т.зв. паста-паці, дзе ўдзельнікі могуць падсілкавацца насычаным вугляводамі макаронам, то тут была прадугледжана вячэра пасля прабегу, якая дазволіла хаця б часткова аднавіць сілы.

Думкая дзявятая. Прадуманасць нават у дробязях. Аўтобусныя рэйсы для ўдзельнікаў прабегу, буклеты з поўнай інфармацыяй пра спаборніцтвы, магчымасць сфатаграфавацца ля расцяжкі з лагатыпам “Начной дзясяткі”, душ, вячэра, нарэшце, браслецікі, што ярка свяціліся ў цемры, і адмысловыя магніцікі – усё гэта не заўсёды прысутнічае на забегах, але ж менавіта з такіх дробязяў і складаецца поспех арганізацыі прабегу, ствараецца пазітыўная атмасфера, якая радуе і натхняе ўдзельнікаў, пакідаючы моцнае жаданне пабегаць тут яшчэ раз.

Думка дзясятая. Арыгінальныя кубкі пераможцам і прызёрам, сюрпрыз напрыканцы. Кожны з пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў атрымаў адмысловыя кубкі, што ўяўлялі сабой драўдяны брусок з прымацаванай да яго металічнай выявай бегуна. На думку арганізатараў, гэта сімвалізуе яднанне чалавека з прыродай, падкрэсліваючы тым самым, што прабег праводзіцца ў вельмі маляўнічым месцы на ўлонні прыроды. А яркай кропкай, хутчэй, клічнікам, якім скончылася “Гродзенская начная дзясятка” стаў святочны феерверк, які надзвычай прыгожа глядзеўся на фоне схілаў гары “Каробчыцкага алімпу”!

P.S. Адзінаццатая думка: вельмі хочацца прыехаць сюды яшчэ і паспрабаваць свае сілы на новай дыстанцыі, напрыклад, на паўмарафоне. Дзякуй арганізатарам за цудоўнае спартыўнае свята!

Юрась Каласоўскі, Магілёў, КЛБ "Аматар"

ОтменитьДобавить комментарий